• banner2-1.jpg
  • banner2-2.jpg
Версия для слабовидящих
Russian Belarusian Chinese (Simplified) English German

сис обращений

год качества

80 let

2025

Изображение 01Дадзены доўгі век, каб дабра зрабіў больш чалавек. У гэтым пераканана  жыхарка вёскі  Доўгае Зябкаўскага сельсавета Марыя  Фёдараўна Сініца. 9 чэрвеня жанчына адзначыла  двойчы залаты  юбілей – стагоддзе  з дня  нараджэння.  Марыя Фёдараўна  нарадзіла траіх дачок,  мае дзесяць унукаў,  дзесяць  праўнукаў і жыве чаканнем узяць на рукі прапраўнука.

        9 чэрвеня Марыю Фёдараўну са стогадовым юбілеем павіншавалі старшыня Зябкаўскага сельвыканкама Ігар Ціманоўскі, дырэктар тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віктар Васюковіч, які ўручыў ёй новы пашпарт, родныя, блізкія, суседзі, аднавяскоўцы. Супрацоўнікі Прошкаўскага Дома культуры, гарманіст Віктар Сіняўскі з жонкай Наталляй падарылі ёй букет песняў і пажадалі ёй яшчэ “сто лят”. Здароўя Вам, духоўнай моцы, радасці і спаўнення ўсіх мар, паважаная юбілярка!

З Палесся – на Глыбоччыну

       Карані  роду  Марыі Сініцы  на Палессі.  Яшчэ да рэвалюцыі ў  1910 годзе  з Драгічанскага раёна на Глыбоччыну пераехаў  яе дзед Якаў  з сям’ёй:  жонкай Акулінай і  дзецьмі.

—На Палессі такая зямля ўрадлівая, чорная,  клімат добры, а яны   скааперыраваліся пяццю сем’ямі, сарваліся з абжытых месц і прыехалі ў Замхава. У складчыну купілі ў  мясцовага  пана каля 30 гектараў  зямлі і падзялілі  паміж сабой, зыходзячы з колькасці душ і працоўных рук. У дзеда ў сям’і было сем душ: самі, трое сыноў, дзве дачкі. Ім выдзелілі 15 гектараў ворыўнай і з лесам зямлі, на якой яны і гаспадарылі, — расказвае Марыя Фёдараўна. – Мой бацька  Фёдар Якаўлевіч  тады ўжо быў жанаты.  Адзін за другім у сям’і нарадзіліся шасцёра дзяцей.  Праўда, двое старэйшых братоў рана памерлі: Максім — у  21 год, Рыгор – у  пяць.  Я была шостым па ліку дзіцём,  а  сёмым  — брат  Іван, які, дарэчы, працаваў карэспандэнтам у мясцовай газеце.   Даўней вясковыя дзеці ў навуку не кідаліся, асядалі на зямлі. Працаваць на ёй было нялёгка, але за зямлёй  тады гналіся, бо яна карміла,  давала магчымасць набыць усё  неабходнае для жыцця.

На валасінцы ад смерці

 —Майго бацьку на вайну з немцамі не ўзялі, бо калі ён служыў у коннай арміі, зваліўся з каня, пашкодзіў пазваночнік і з таго часу хадзіў згорбіўшыся.  Я да вайны скончыла чатыры класы  польскай школы ў Замхава і стала  памагаць бацькам. Як прыйшлі немцы, страху ўсім хапіла. Недалёка былі лясы, праз вёску  пралягала прартызанская сцежка. Партызаны  захадзіліся ў хаты, мы іх кармілі і  баяліся, каб хто немцам не выдаў. Памятаю,  аднойчы зімой  я пайшла ў хлеў карміць жывёлу, а  там,  закідаўшыся сенам,  партызаны сядзяць.  Ранак іх застаў у дарозе, дзецца недзе і, каб фашыстам на вочы не трапіць, яны засталіся  чакаць прыцемку ў нашым хляве.  Выскачыла я  на вуліцу, а тут немцы едуць. Ад страху  акамянела, бо ведала: калі знойдуць партызан, то і іх, і нашу сям’ю расстраляюць. Немцы ўсе ў белых маскіровачных халатах, толькі адзін у цёмным шынялі. Убачыў  мяне, падышоў, нешта гаворыць па-свойму, а я ад страху слова  сказаць не магу. Ён мяне за грудкі схапіў,  кінуў аб зямлю, я ў сябе і  прыйшла,  зразумела, што яму  патрэбна  белая матэрыя. Прынесла з хаты белы настольнік, аддала  яму, і яны паехалі. А кіраваліся тады  немцы  ў вёску  Лапезы. Там жыла сям’я, у якой гаспадар быў у партызанах, і нехта пра гэта данёс. На шчасце гаспадыня  паспела ўцячы, старую бабулю немцы  не зачапілі, а хату спалілі.

Было і такое:  вясной я  вывозіла гной  на поле, а тут — нямецкія самалёты тройкамі  ляцелі і як пачалі з  кулямётаў страляць. Адзін конь заваліўся,  другі панёсся ад страху  ў поле,  я ў зямлю ўткнулася…Магла  не ўстаць з той раллі, але Бог мяне пашкадаваў, даў пажыць…

Дні за днямі

      У 1951 годзе Марыя выйшла замуж у Горкі  за  Якуба — так у вёсцы звалі Якава Сініцу.  Са свёкрам і свякроўю  ёй жыць не давялося, бо яны рана памерлі.  Муж і жонка працавалі ў калгасе імя Дзяржынскага: ён — у будаўніцтве,  яна  даіла кароў, даглядала цялят. У Горках у сям’і  Якуба і Марыі нарадзіліся тры  дачушкі – Галіна,  Ліля і Мая. Іх дзяцінства спачатку праходзіла ў Горках, а затым у вёсцы Доўгае.  Якуб Сініца   пабудаваў там сваю хату, і ў  1964 годзе сям’я  справіла там наваселле.

—Як з Горак  пераязджалі, я плакала, бо прыкіпела душой да тых мясцін. Але  ў Доўгім  прыгожа, возера побач, лес, да  школы  недалёка. Пачатковую школу дзяўчаты скончылі ў Горках, а дзесяць класаў  Галя з Маяй  — у  Празароках, а Ліля –  у Псуі. Дзяўчаты былі нашымі памочніцамі, бо мы трымалі вялікую гаспадарку,  агароды садзілі. Кароў даілі,  свіней кармілі,  палолі,  есці гатавалі, у хаце парадак наводзілі  – усё  рабілі пакуль мы з мужам  на калгаснай працы рупіліся, — расказвае Марыя Фёдараўна.  

Уся ваколіца ведала яе не толькі як лепшую даярку, але і кулінара. Яна дзясяткі  вяселляў, хрэсьбін, юбілеяў падрыхтавала, смачна карміла, афармленнем страў здзіўляла. Вяскоўцы казалі, што ў Фёдараўны застоллі  лепшыя і  пагалоўшчына самая смачная. А яшчэ Марыя Фёдараўна ўмела   ткаць,  вязаць, шыць…  А ў дадатак яна яшчэ самая верная  чытачка  “Весніка Глыбоччыны”, які  выпісвае  з дня яго заснавання. Цяпер жынчына дрэнна бачыць,  таму  пра жыццё ў раёне ёй чытае   сацыяльны работнік Ала Шпак.  Яе Марыя Фёдараўна лічыць сваёй чацвёртай дачушкай, бо тая наведвае жанчыну   пяць разоў на тыдзень вось ужо пятнаццаць гадоў. Ала Мамертаўна  дапамагае ёй  па дому, прыносіць прадукты і лекі,  мерыць ціск, есці варыць, адзенне мые. Яны і чаю ўдваіх пап’юць, і  пра жыццё пагавораць, і пажартуюць.

Сям’я —  апора і для  душы прытулак

—Сто гадоў, як сто дзён праляцелі. Муж даўно памёр. Дочкі выраслі, вывучыліся,  замуж павыходзілі, мне ўнукаў падарылі. Галіна працавала аператарам сувязі ў кампаніі МТС.  Жыве ў Белаазёрску на Брэстчыне, лічыце, на былой радзіме  продкаў-палешукоў. Ліля  да цяперашняга  працуе на Глыбоцкім мясакамбінаце. Мая скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум, працуе па спецыяльнасці ў Полацкай цэнтральнай бібліятэцы.  Усе дзеці, дзякаваць Богу, талковыя,  старанныя. А ўнучачка Лена, якая цяпер жыве ў Іспаніі, у школьныя гады напісала пра мяне верш, які быў надрукаваны ў раёнцы, —   пахвалілася  Марыя Фёдараўна.

   На святы, на юбілеі вялікая дружная  сям’я збіраецца разам: як кажуць, гуляць дык гуляць. Напрыклад, на 90-годдзе бабы Мані з лепшай хаты павынасілі ўсю мэблю, сталы паставілі, усю радню і вяскоўцаў сабралі. Частаваліся, спявалі, танцавалі, падарункі дарылі, здароўя і даўгалецця жадалі. Шчыра, ад душы. Ці ж гэта не шчасце?

Сакрэты даўгалецця

—Я не скупая, сваім векам, каб можна было, з маладымі падзялілася б, каб яны даўжэй жылі, дзетак больш нараджалі, на роднай зямлі працавалі і сонцу Божаму радаваліся, — кажа баба Маня. – Мяне мама вучыла: “Дачушка, рабі дабро ўсім,  а больш за ўсё тым, хто табе зайздросціць ці паглядвае скоса і са  злосцю. Працуй, не лянуйся: з мазаля і хлеб будзеш есці, і душу ў працы чыстай захаваеш. Ніколі не засмучайся,  жартам гані прэч дрэнны настрой,  новы дзень пачынай з аптымізмам і надзеяй, што ўсё будзе добра. Я па мамінай навуцы  сто гадоў і пражыла.

— У Бабы Мані хлебасольны гасцінны дом, таму сюды пастаянна прыходзяць людзі. Старыя, маладыя, дзеці – ніхто яе хату бокам не абыходзіць. Яна ў  вёсцы – мудрэц, сапраўдная энцыклапедыя.  Калі хто чаго не ведае, кажуць:

“Схадзі да бабы Мані папытайся”. Марыя Фёдараўна – светлай душы чалавек. Ніколі ні на каго не злуецца, усім усё даруе, на парады не скупіцца,  і словам, і справай дапамагае, —  гаворыць дачніца з Полацка  Галіна Скараход.

Галіна Аляксандраўна  жыве тут ужо трыццаць гадоў, сябруе з Марыяй Фёдараўнай, амаль кожны дзень наведвае яе.

Многім здаецца, што сто гадоў – гэта мяжа бездапаможнасці, але  Марыя Фёдараўна з гэтым не згодна.

Няхай сабе і з   ляскай,  але   ходзіць па хаце. У яе выдатная памяць: пра падзеі, якія былі 80 гадоў назад, расказвае з такой дакладнасцю, нібы гэта  адбылося ўчора. У бабы Мані няма тэлефоннага даведніка, але ён ёй і не патрэбны: тэлефонныя нумары ўсіх вяскоўцаў яна ведае на памяць і без праблем  выходзіць на  сувязь з тым, хто ёй патрэбен. Яна ўмее абыходзіцца з фінансамі і са сваёй пенсіі купіла матаблок, каб унукам было лягчэй апрацоўваць соткі. За свае грошы   замяніла драўляныя рамы на шклопакеты, купіла новую газавую пліту і халадзільнік. І ўнукам яшчэ на святы рубялёк падкіне, як жа без гэтага? Баба Маня цікавіцца жыццём, навінамі, не адгароджваецца ад людзей сценамі хаты і сваім узростам, а таму  не дажывае век, а жыве!

Изображение 02Изображение 03Изображение 04Изображение 05Изображение 06Изображение 07